Proverbios 17
Mejor un bocado seco con paz
Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі. 2Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну. 3Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
4Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны. 5Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня. 6Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
7Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя. 8Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех. 9Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
10Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога. 11Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго. 12[Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
13Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага. 14Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе]. 15Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
16Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму? 17Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам. 18Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
19Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы. 20Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду. 21Хто нараджае неразумнага, [нараджае] на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
22Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косткі. 23Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя. 24Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
25Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла. 26Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць. 27Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
28Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.