Lucas 8

Las mujeres que seguían a Jesús

І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць, 2і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў, 3і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.

La parábola del sembrador

4А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць: 5«Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; 6а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; 7а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго; 8а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

9А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: «Што значыць прыповесьць гэтая?» 10Ён жа сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць. 11Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае.

12А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя. 13А што на камяні — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць. 14А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду.

15А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.

La lámpara en el candelero

16Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло. 17Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло. 18Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».

Mi madre y mis hermanos

19І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу. 20І паведамілі Яму, кажучы: «Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе». 21Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго».

Jesús calma la tempestad

22І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: «Пераплывем на той бок возера». І паплылі. 23Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. 24І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.

25Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»

El endemoniado de Gerasa

26І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі. 27Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўніх часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах. 28Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне».

29Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні. 30А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго. 31І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань.

32А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім. 33Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў. 34А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках.

35І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць каля ног Ісуса, апрануты і пры розуме; і спалохаліся. 36А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі. 37І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.

38А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы: 39«Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус.

La hija de Jairo y la mujer entre la gente

40І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. 41І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны, 42бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго 43І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе, 44падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.

45І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і ціснуць, і Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”» 46Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне». 47А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.

48Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі». 49Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка». 50А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».

51Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці. 52А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць». 53І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.

54Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!» 55І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці. 56І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.

¡Copiado!
Aa